Kitabı oku: «Зграя», sayfa 4

Yazı tipi:

8.

Макс сядзеў на ложку і ўспамінаў сны пра ваўкоў. З кожным разам яны рабіліся больш складанымі і падрабязнымі. Цяпер гэта была ня проста лінейная гісторыя. У адным сне хаваўся іншы. Ён то бачыў ваўкоў зверху, як з дрона. То ўлазіў у галаву аднаго з іх і глядзеў на свет яго вачамі, потым сягаў глыбей, у тую гісторыю, якую расказвалі самі ваўкі і перажываў яе. А часам замест вобразаў сніў гукі ды пахі. І яны былі настолькі разнастайнымі, што расказвалі больш, чым вочы. А аднаго разу хлопцу падалося, што ён бачыць тых самых белых ваўкоў, якія дажыраюць мяса забітых шэрых. І ежы застаецца ўсё менш.

Пра гэта ён за сняданкам і спытаў у Філіпа.

– Максім, часам я бачу тыя ж сны, што і апавядальнікі. А часам не. Кожны з вас паступова мог усё глыбей паглыбляцца ў свет ваўкоў. Не здзіўляйся гэтаму. У канцы сваёй гісторыі на каротки час ператворышся ў іх бога..

– Бог… А той хлопчык Ваня хто тады?

– Ён – стваральнік. Між іншым, памятаеш, як пачала свой аповед Лена?

– Хто?

– Лена… Цемнаскурая апавядальніца, якая перадала гісторыю.

Максім без праблем успомніў, бо тыя словы нібы выдрукавалі перад яго вачамі.

– “Сусвет бясконцы, і існуе бясконцая колькасць іншых бясконцых сусветаў. І ў адным з іх, які вельмі падобны на наш, самымі разумнымі жывёламі сталі ваўкі”.

– Так. А ведаеш легенду: “Аднойчы Чжуанцзы прыснілася, што ён – матылёк, які атрымлівае асалоду і не ўсведамляе, што ён Чжуанцзы. А калі ён прачнуўся, вельмі здзівіўся таму, што ён – Чжуанцзы і не мог зразумець: ці снілася Чжуанцзы, што ён – матылёк, ці матыльку зараз сніцца, што ён – Чжуанцзы ?!”

– Да чаго ты гэта расказаў?

– Нашы думкі ствараюць сусветы. І думкі хлопчыка “Івана” стварылі сусвет ваўкоў.

– Хочаш сказаць, калі я зараз падумаю пра планету- бардэль, яна з’явіцца?

– Гэтага мала. Трэба не думаць, а верыць. Так, як у гэта верылі “Іван” ды “Антоні”.

– Дык што, паралельныя сусветы ствараюць дзеці і дурні, якія сапраўды вераць у іх існаванне?

– Пэўна, так.

Макс на хвіліну замаўчаў. Ён думаў, як адносіцца да такой мадэлі пабудовы свету.

– Глупства. Недзе што, існуюць сусветы “Уладара пярсцёнкаў”, “Вядзьмара” ці “Гульні тронаў”?

– Толькі калі ў іх нехта сапраўды паверыў. А таму наконт тронаў ды героя Сапкоўскага я вельмі сумняюся – гэта не дзіцячая літаратура. А хобіты з эльфамі і тролямі павінны існаваць.

– А чаму…

– Хопіць, Макс. Я і сам мала што ведаю і больш дадумваю, расказваючы табе казкі. Калі хочаш паслухаць мае тэорыі, давай пазней. Трэба рыхтавацца да сустрэчы.

– Думаеш, яны прыйдуць каб забіць нас?

– Цябе дакладна не заб’юць. Ты патрэбны, інакш гісторыя скончыцца і ваўкі атрымаюць волю. Не пытай пра гэта, пазней распавяду. А зараз дапамажы.

***

Філіп скотчам прыляпіў пад сталешніцу зараджаны абрэз, за пояс схаваў нож, тое ж самае прапанаваў зрабіць Максіму. У шкарпэткі паклаў напільнік. “Раптам нас схопяць і прыкуюць?”, – паясніў ён. Пад суколку, на жывот, адвакат паклаў тоўстую металічную пласціну і перадаў такую ж сябру.

– Не зручна, затое бяспечна. А цяпер дапамагай.

Разам яны адсунулі ад сценкі старую канапу, на якой гэтай ноччу спаў Макс. Пад ёй было вечка.

– Гэта наш шлях адступлення. Там склеп, адкуль можна хутка дабегчы ў суседнюю хату. Мой дзед пабудаваў, каб незаўважна да палюбоўніцы бегаць. У бабулі ногі хворыя былі, дык яна ўніз не лазіла. Зараз у той хаце ніхто не жыве. Калі нешта здарыцца – уцякай туды. І бяжы ў шматлюднае месца. Яны, можа, і бессмяртоныя, аднак паказваць свае магчымасці іншым не будуць.

Апошняе, што зрабіў Філіп – занавесіў вокны і зачыніў аканіцы. У хаце стала цёмна, як ноччу. Адвакат уключыў электрычнае асвятленне.

***

Троіца прыйшла ў сямнаццаць гадзін. Уперад выйшлі лысы і чарнявы. Бялявы стаў ззаду. Ён апіраўся на драўляны кій, а пры ўваходзе ў хату кульгаў.

За сталом сядзеў Філіп. Правая рука трымала прылеплены скотчам да сталешніцы абрэз, левая ляжала на каленях з нажом. Максім сядзеў за ім на канапе. Пры з’яўленні малога яго рукі зжаліся ў кулакі.

– Мы прыйшлі па тваёй прапанове, Філіп. Што ты хочаш і навошта тут апавядальнік?

Як заўсёды размову пачаў чарнявы.

– Правілы парушаны. Мы дамаўляліся, што вы не шкодзіце і не пагражаеце людзям. І што? Дзяўчына забіта!

– Мы просім прабачэння. Гэта адбылося выпадкова. Вінаваты будзе пакараны.

– Як вы яго пакараеце?

– Вас гэта не тычыцца.

– У такім разе Максім сам вырашыць, які працяг будзе ў яго гісторыі.

– Гэта немагчыма, – у размову ўступіў лысы. – Ты называеш сябе назіральнікам і лічыш, што можаш судзіць нас. Але гэта не так. Мы самі вырашаем, як дзейнічаць. Гэты хлопец, Максім, апошні. Пасля яго мы знікнем. Твае сны скончацца. Змірыўся, інакш мы будзем дзейнічаць жорстка. Ты нам наогул не патрэбны. Апавядальніка можна трымаць за кратамі, адрэзаць яму рукі з нагамі і чакаць. Павер, мы зможам зрабіць, каб ён расказаў патрэбны працяг.

– Не пужай. Хочаш размаўляць – забей бялявага.

Лысы засмяяўся. Ад гэтага гука Філіп ледзь не нажаў курок.

– Вы дурні! Сядзіце тут, смелыя. І не ведаеце, хто мы такія.

– Дык скажы нам, лысы, хто вы?

– Ты завеш нас паляўнічымі за гісторыямі. Аднак нам не патрэбны гісторыі. Мы палюем на сусветы.

Максім падхапіўся.

– Філіп, я ведаю, хто яны. Гэта белыя ваўкі.

Бровы лысага палезлі ўверх.

– Вы ж белыя, так?

– Мы белыя ваўкі на планеце ваўкоў. Мы чорныя людзі на планеце людзей. Мы доўгія камяні на планеце камянёў. Мы ружовы колер на планеце колераў. Мы нішто на планеце ўсяго і ўсё на планеце нішто. Вашае разуменне далёкае ад сутнасці сусветаў.

– У кожным сусвеце вы ператвараецеся ў дамінуючы від. І ў той жа час кардынальна розніцеся ад яго. Белыя ваўкі нашмат большыя за звычайных шэрых. А тут, на зямлі, вы сталі бессмяротнымі, не маеце крыві і, відаць, можаце шмат такога, што не пад сілу звычайнаму чалавеку.

– Усё так.

– Хто ж вы на самай справе?

Троіца маўчала. Упершыню за размову наперад пракульгаў бялявы.

– Нам не трэба пра гэта казаць. А калі і скажам, вы ніколі не зразумееце нас. Ваш розум на пачатковай ступені. Нажаль, толькі такія істоты як вы здольны ствараць сусветы.

– Гэта не адказ.

– Мы не памятаем сябе сапраўдных. За час існавання мы захапілі тысячы сусветаў і забылі – які з іх наш. Дый якая розніца, калі ўсюды адчуваем сябе як дома? Прыйдзе час і ваш сусвет, ваша планета стане нашай.

– А зараз размовы скончаны, – лысы зрабіў крок да Максіма. – Мы забіраем цябе з сабой.

– Так не пойдзе! – Філіп перавярнуў стол і нацэліў абрэз у твар лысага. – Сыходзьце, ці мы вас заб’ем.

Чарнявы пайшоў на Філіпа і той стрэліў у лысага. Паміж імі было менш двух метраў, прамазаць было немагчыма, але… Ён знік. І пакуль адвакат агаломшана аглядаў пустое месца, а Максім, аглушаны стрэлам, праціраў вочы ад парахавых газаў, лысы апынуўся ззаду, перакрываючы шлях пабегу.

– Мы не баімся вашай зброі.

Філіп не паспеў азірнуцца на гук голаса. Да яго кінуліся чорны і белы, скруцілі рукі, павалілі на зямлю.

– Максім, пайшлі з намі і ўсё будзе добра. Мы пакінем Філіпа жывым, не кранем родных і сяброў. Твая частка гісторыі апошняя – ты нас ніколі не пабачыш.

– Да таго моманту, пакуль вы не прыйдзеце захопліваць маю планету.

– Так. Але гэта можа адбыцца праз тысячы, а то і мільёны гадоў. Час для нас ідзе па-іншаму. Ты паспееш састарыцца і памерці, як і твае дзеці. Ды што там – чалавецтва паспее састарыцца і сысці ў нябыт.

– Не слухай яго! – выкрыкнуў Філіп. Бялявы моцна ўдарыў яго ў галаву і хлопец страціў прытомнасць.

– Максім, мы казалі праўду пра твой лёс. Можаш пайсці дабравольна, ці павалачэм цябе сілай. Адрэжам рукі з нагамі, выкалім вочы. Будзем падтрымліваць жыццё, каб ты працягваў сніць ваўкоў. І ўвесь час ты будзеш адчуваць боль. А пасля, калі ты раскажаш тое, што нам трэба, мы дазволім табе памерці. І перад сыходам з тваёй планеты зойдзем у госці да важных для цябе людзей.

Максім стаяў у нерухомасці. Шанцаў на пабег не засталося. Можна кінуцца ў бойку без шанцаў на перамогу. За гэта яны заб’юць Філіпа і ўсіх каго ён ведае. Ці пагадзіцца і ўсё будзе добра. “Дый навошта мне здаліся тыя ваўкі? Гэта іх праблема – барацьба з белымі”.

– Добра, Лысы. Я згодзен. Вядзі мяне.

– Мы нікуды цябе не павядзем, Максім. Ты вернешся дадому. Кожны дзень мы будзем прыходзіць і глядзець, што адбываецца ў сусвеце ваўкоў. Да таго часу, пакуль сны не скончацца. Тады мы скажам, што ты павінен расказаць новаму апавядальніку. А пакуль мы забіраем гэтага, – ён ткнуў ботам у Філіпа, – як гарантыю, што ты будзеш добра сябе весці.

– А міліцыя…

– Пакінь гэту справу нам. Хутка ніхто не ўспомніць пра існаванне той дзяўчыны. Гаспадар кватэры заменіць вакно і будзе здаваць яе іншым людзям. Бацькі дзяўчыны павераць, што яе ніколі не было. А цяпер сядай на канапу і дазволь мне паглядзець твае сны.

***

Максім ачухаўся ў пустой хаце праз тры гадзіны. Галава не балела. “Відаць, прывыкаю”, – нявесела пасміхнуўся хлопец.

Ён абшукаў хату, забраў абрэз і некалькі патронаў. Хацеў ісці дадому ды ўспомніў словы Філіпа: “Калі мяне побач не будзе – уцякай туды”.

Макс спусціўся ў склеп, знайшоў падрыхтаваныя ліхтарыкі, узяў адзін і пайшоў па вузкім, абложаным цэглай, праходзе. Прыйшлося нізка згінаць галаву. У канцы стаяла драўляная лесвіца, па якой Максім вылез.

У хаце дзе ён апынуўся даўно ніхто не жыў. Вокны адсутнічалі, а ў адным месцы абвалілася столь. Электрычнасці не было, аднак промень ліхтара хутка знайшоў незвычайна белы для гэтага месца ліст паперы на зямлі. Гэта было пасланне ад Філіпа:

“Максім, відаць, усё прайшло не так, як мы задумвалі. Значыцца мяне забілі, альбо хутка гэта зробяць. Што б ты зараз ні зрабіў, ніхто цябе не асудзіць. Можаш пагадзіцца на іх прапановы, выратаваць сябе і родных.

Ёсць і іншы выхад. Кожная гісторыя жыве, пакуль жывы яе стваральнік. Ён сапраўды бог створанага ім свету. Калі ён памірае цэлы сусвет, ваўкі там, хобіты ці людзі, атрымоўвае свабоду. І ніхто не зможа на яго паўплываць.

Што тычыцца ваўкоў, то хлопчык Ваня не проста стварыў гэты сусвет, а пасля смерці перадаў яго ў спадчыну Антонію. А такія апавядальнікі слаба могуць уплываць на іншыя сусветы, бо не з’яўляюцца іх стваральнікамі. Аднак у нейкіх ключавых момантах, калі стаіць пытанне аб жыцці ці смерці, менавіта вы вырашаеце лёс гісторыі. Ты ўжо зразумеў, што другое выйсце, якое я табе прапаную – гэта смерць апавядальніка, а значыць твая. Не лайся на мяне, бо рашэнне прымаць павінен ты сам. І для аб’ектыўнасці павінен ведаць усе магчымасці.

P.S. Яшчэ адно. Мне не падабаецца, што яны так актыўна заняліся табой. Раней такога не было. Думаю гэта звязана з тым, што белыя захапілі палову планеты. Магчыма, ты апошні апавядальнік, які яшчэ можа на нешта паўплываць. А пасля цябе іх нішто не зможа спыніць”.

***

Максім прыйшоў дадому і паваліўся ў ложак. Хацелася спаць, аднак ён ведаў, што як толькі закрые вочы, зноў пабачыць ваўкоў: Гаўла, Грыка, Акіру і іншых. Усіх, каго ён вырашыў прадаць.

Воўчы сон

– Яны адрэзалі табе хвост?

– Не адрэзалі, а абрэзалі крыху, самы кончык. У ва ўсіх ваўкоў іхняй зграі такія. Гэтага нават не заўважаеш, калі не звяртаць увагі. А некаторыя апосталы ў доказ сваёй веры наогул адмовіліся ад хвастоў і карыстаюцца вялікай пашанай у зграі.

– І ты хочаш, каб мы ўсе паабразалі хвасты і выконвалі нейкія абрады?

– Усё так, уладар. Калі б яны былі звычайнай зграяй з забабонамі, я б проста прыбег да цябе і сказаў адмовіцца ад супрацоўніцтва. Але ў іх ёсць зброя, якая будзе забіваць белых на вялікай адлегласці. Напрыклад, лук – уяві сабе палку, канцы якой сцягнуты жылай зубра. На гэту жылу яны нацягваюць завостраную палку, а потым адпускаюць. Яна ляціць на сто хвастоў. А хуткасць такая вялікая, што лёгка заб’е ваўка. Ці яшчэ ў іх ёсць так званыя катапульты – драўляныя прылады, якія кідаюцца камянямі. Галоўнае ж не гэта. Яны ўмеюць рабіць браню для ваўкоў, аб якую зламаюць зубы белыя.

– Зразумей мяне, Гаўл. Зграя не пагодзіцца на гэта, асабліва старыя ваўкі, як Аўк.. І калі сёння я скажу пра абразанне ды Месяца, у гонар якога трэба схіляць галаву, заўтра ж усе маладыя ваўкі зграі кінуць мне выклік, як важаку. Дый навошта будзе патрэбен важак, раз мы будзем жыць пад уладай нейкіх апосталаў.

– Яны абяцалі, што твая ўлада захаваецца. И дадаткова з’явіцца кола апосталаў. Іх справа – абрады, твая – астатнія праблемы зграі.

– Але ж апосталы будуць не нашы.

– Спачатку. А потым, калі мы здолеем навучыць сваіх ваўкоў, чужыя сыйдуць.

Грык цяжка ўздыхнуў і лёг на зямлю.

– Ведаеш, Гаўл, з мяне дрэнны важак. Я хутка вырашаю лёгкія пытанні, з якімі на працягу стагоддзяў сутыкаліся іншыя важакі. Аднак зараз мне цяжка. Я разумею што якое б рашэнне не прыняў, яно будзе дрэнным. Адмовімся ад дапамогі іншых згарй – памром у бойцы з белымі. Пагадзімся – мяне самога заб’юць свае ж браты і сёстры.

– Не заб’юць. Не ўсе ваўкі падобныя да Аўка. Сярод іх шмат разумных. Яны пабачаць, што твае загады добрыя.

– Так. Сто ваўкоў пабачаць, а дзесяць кінуць выклік.

– Не кінуць, калі ты адмовішся яго прыняць.

– Што? – Грык узняўся на ногі. – Як гэта – адмовіцца ад выкліку?

– Хто сказаў, што ты абавязаны яго прымаць? Калі нехта кіне табе выклік адмоўся біцца да канца вайны з белымі і ўсё. А пасля…

– А пасля мы можам і не дажыць. Пакуль цябе не было, Гаўл, я шмат думаў пра важака зграі. У такія часы ім павінен быць такі воўк, як ты. У цябе засталася апошняя зграя для перамоў. Пасля твайго вяртання я збяру сход і перадам табе тытул важака.

– Грык…

– Не спрачайся. Ты нас можаш выратаваць, а я – не. Важак павінен рабіць тое, што ідзе на карысць зграі. Цяпер пакінь мяне і ідзі спаць. Заўтра раніцай выпраўляйся да зграі Стыр-Калі. Мяне ж чакае сход ваўкоў, дзе трэба расказваць казкі пра Месяца ды ягонага брата Сонца.

***

Хата Грыка – самая вялікая ў горадзе Суу-Ардун. Калі б ваўкі маглі лятаць, то пабачылі б, што зверху яна нагадвае сняжынку – круглая, з шасцю промнямі. Кожны прамень – асобнае памяшканне: сталовая, кладоўка, шафа, прыбіральня, кабінет, спальня. На канцы кожнага промня – па адным акенцы. Каля аднаго з іх, таго, што выходзіла з кабінета, ляжаў Аўк. Яшчэ важаком ён заўважыў, што любы воўк можа такім чынам падслухоўваць яго размовы. А таму загадаў, каб на канцы кожнага з промняў стаяў ахоўнік. Перадаючы ўладу Грыку ён “забыў” расказаць пра гэту асаблівасць.

Прапанова Гаўла была непрымальная. Кланяцца Месяцу, абразаць хвасты, прагінацца пад чужымі апосталамі. Ды яшчэ Грык вырашыў перадаць уладу гэтаму адзінцу, які злёгку прадасць усю зграю іншым, падзеліць яе землі, а саму прагоніць у пустэльню паміраць.

“Не, я гэта так не пакіну. Хай Гаўл заўтра сыходзіць да Стыр-Калі, якія ненавідзяць нас, як і мы іх. Думаю, там яго і заб’юць. А я займуся Грыкам, забяру тытул важака. Старыя ваўкі мяне падтрымаюць, калі даведаюцца пра ўсё”.

Калі ў кабінеце стала ціха, Аўк падняўся і пайшоў у лес, дзе яго чакалі сябры.

9.

Максім стаяў голы насупраць люстэрка і разважаў:

– Герой… З валасатымі нагамі і вялікімі стопамі. Замест прэса – піўное пуза. А рукі за жыццё не падымалі нічога цяжэй за мех бульбы. І твар… Герой павінен выглядаць прывабна, а лепш – быць сэкс-сімвалам. А я падобны да хамяка ў акулярах. Непрапарцыянальна вялікія шчокі, якія трэба галіць кожны дзень, інакш зарасту бы партызан. І зубы – два вялікіх разца наперадзе, якія псуюць усмешку.

Максім падняўся ў сем гадзін раніцы, памыўся, з’еў яечню з двума бутэрбродамі і пайшоў на працу. З дзевяці раніцы да шасці вечара перапісваў свой блок праграмы. З калегамі не размаўляў, а кіраўніцтва яго не чапала. Ніхто не пытаў, чаму ўчора яго не было на працы.

“Троіца хавае сляды”, – нявесела падумаў Макс і ўспомніў Насту. Яе таксама “схавалі”. Ды так добра, што хлопцу здавалася, што ён і не ведаў такой дзяўчыны. З сацсетак зніклі яе старонкі, у нябыт сышлі, асабістыя перапіскі. Пры спробе патэлефанаваць, мабільны аператар паведамляў: “Калі ласка, праверце набраны нумар”. Удзень Максім насмеліўся патэлефанаваць бацькам дзяўчыны. Яны яго пазналі, паразмаўлялі і ніводнага разу не спыталі пра дачку. Дома залез на камп’ютары ў папку асабістае, дзе захоўваліся іх сумесныя фотаздымкі. Нічога не засталося.

“Як проста… Яны выдалілі чалавека з рэчаіснасці. І яна знікла. Нібы і не было ніколі Насты, не было нашых доўгіх шпацыраў па Нямізе, не было пацалункаў пад дажджом і сэкса пад лесвіцай ва ўніверсітэце. А я, атрымоўваецца, шмат гадоў не сустракаюся з дзяўчынамі. Наста…”

Максім заплакаў. Ён павінен быў зліцца, біць кулаком у сцены, паклясца адпомсціць за яе смерць. А замест гэтага сядзеў голы за сталом і плакаў.

“Прабач, Наста. Я слабы, вельмі слабы. Думаў, пабачу твайго забойцу, не вытрымаю, кінуся ды рукамі адарву яму галаву. А што ў выніку? Сядзеў, нібы асталоп. Філіп хаця б нешта спрабаваў зрабіць”.

Максім хадзіў з пакоя ў кухню і назад. Есці не хацелася, спаць таксама. Ён чакаў гасцей. І чарговы раз вырульваючы з кухні ў комнату нават не здзівіўся, пабачыўшы там тры знаёмыя постаці.

– Прывітанне, Максім. Сядай на канапу.

З ім размаўляў толькі лысы. Белы і чорны стаялі ззаду і не чапляліся.

– Як вы гэта зрабілі? Як схавалі Насту?

– Мы не хавалі яе.

– Дык што з ёй стала? Чаму яе няма… нідзе. Быццам выдалілі.

– Раз у нас устляваліся сяброўскія адносіны, я раскажу. У вашым сусвеце ёсць словазлучэнне “эфект матылька”. Калі нават малая змена ў адным месцы, напрыклад, узмах крылаў матылька, нараджае ў іншым месцы ўраган. Тое ж самае і са зменамі ў гісторыі. Калі б мы сапраўды некага выдалілі, увесь сусвет змяніўся б. Напрыклад, ты б яе ніколі не ведаў і, хутчэй за ўсё, пазнаёміўся б з іншай дзяўчынай. І, напрыклад, у вечар, калі ты знаходзіўся ў кавярні і табе расказалі гісторыю, ты б адпачываў са сваёй каханкай у іншым месцы. Усё б зламалася. І гэты сусвет стаў бы іншым.

– Дык што здарылася з Настай?

– Мы перамясцілі яе ў іншы сусвет.

– Як гэта? А памяць?

– Сусветы не звязаны між сабой. Яны існуюць у розных рэчаіснасцях. І калі ты вырашыў пакінуць свой сусвет, то павінен ведаць – усё, што ты пакінуў матэрыяльнага, пойдзе разам з табой. Нават клеткі адмерлай скуры. А вось тое, што ты зрабіў, у тым ліку з людзьмі, застанецца.

– А як жа вы?

– Шмат пытанняў. Захочаш – паразмаўляем у наступны раз. Зараз няма часу. Рыхтуйся.

Вялікія пальцы лысага дакрануліся да скроняў хлопца.

***

Макс ачуўся на канапе і паглядзеў у столь. Трэба было класціся спаць і адпраўляцца па чарговую гісторыю ў свет ваўкоў. А заўтра зноў чакаць “гасцей”.

“І колькі гэта будзе працягвацца? Невыносна…”.

У дамафон пазванілі. Максім кінуўся да яго, спадзеючыся, што Філіпу ўдалося збегчы. Жаночы голас сказаў: “Пошта”. Макс інстынктыўна нажаў кнопку і адчыніў дзверы ў пад’езд. А паклаўшы слухаўку даўмеўся: “Ноч на вуліцы, якая яшчэ пошта?”. Накінуў халат і стаў чакаць пад дзвярыма. Праз хвіліну ў іх пастукалі.

– Хто?

– Сябар.

– У апошні час не верыцца мне ў сяброў.

– Гэта я, Лена. Мы сустракаліся колькі дзён таму.

Максім адчыніў дзверы. Там сапраўды стаяла цёмнаскурая дзяўчына. Яна хутка заскочыла ў кватэру і сама зачыніла дзверы.

– Прывітанне, зменшчык.

– Прывітанне, апавядальніца.

***

Лена не піла гарбату, какао і каву. Пагадзілася пачаставацца цыкорыем, які застаўся ў хлопца ад Насты. Сам Макс каштаваў яго адзін раз у жыцці і з тых часоў зарокся піць нешта “тыпа кавы, толькі натуральнае”. Дзяўчына адразу зняла ўсе пытанні пра колер скуры. Відаць, гэта турбавала ўсіх яе сяброў, таму яна расказвала сваю міні-біяграфію кожнаму.

Яе бацька прыезаў у Беларусь з Танзаніі ў часы Савецкага Саюза. Вучыўся на хімічным факультэце БДУ. Падчас вучобы пазнаёміўся з маці дзяўчынкі, а там каханне, спатканні, шмат начэй праведзеных разам і, неўзабаве, вяселле. У гэты час краіна “саюзных рэспублік” развалілася і афрыканец са сваёй маладой жонкай атрымалі беларускае грамадзянства.

Лена была доўгачаканым дзіцём, нарадзілася праз сем гадоў брака, пайшла па кроках бацькоў і атрымала адукацыю хіміка. Імя ёй далі ў гонар бабулі, якая працавала чыноўнікам і “выбіла” для яе бацькі грамадзянства. Зараз яны ўсёй сям’ёй працавалі ў галіне харчавання.

Максім спрабаваў распавесці пра сваё жыццё, ды нічога не атрымалася. Гісторыя бацькі-алкаголіка, айчыма-донжуана ды маці-тырана не паходзіла на сямейны эпас. Дый чаму яго назвалі менавіта так не ведаў.

Калі цыкорый з гарбатай былі выпіты, а гісторыі асабістага жыцця расказаны, Лена падышла да сэнсу свайго візіта.

– Прабач мяне. Калі б ведала, што ўсё так атрымаецца, абрала б іншага. Не чакала я, што ты будзеш супраціўляцца. Думала, раскажаш сваю частку гісторыі, атрымаеш узнагароду і ўсё.

– Ты ведаеш пра Насту?

– Ведаю і пра Насту, і пра Філіпа і пра іншыя твае прыгоды. Не, я не сню ваўкоў. У мяне на працы адпачынак, таму вырашыла пракантраляваць гэтых траіх – сачыла за табой з першага дня. Цікава было, як ты будзеш паводзіцца. Яшчэ раз прабач, што абрала цябе.

– Калі б не я, быў бы іншы. Я думаў, што адзін памятаю пра Насту, а ўвесь свет не ўспамінае пра яе існаванне.

– Відаць людзі, якія былі апавядальнікамі, могуць бачыць і ведаць больш. Чаму ты наогул вырашыў супраціўляцца?

– Ды нічога я не вырашаў. Так атрымалася. Думаў схавацца ад іх у Насты, пераседзець некалькі тыдняў. Не падазраваў, што гэта настолькі сур’ёзна. Калі б ведаў, што ёй пагражае небяспека, ніколі б не паехаў. А пасля з’явіўся Філіп. Назваў сябе наглядальнікам, а сам і зрабіць нічога не змог. Не лепш за мяне. Калі б пацэліў, усё б было па-іншаму.

– Ён страляў у троіцу? Нічога б не змянілася, нават калі б пацэліў.

– Чаму?

– Я таксама не хацела паддавацца на іх прапановы, білася… Звярні ўвагу, у чарнявага не хапае на левай руцэ двух пальцаў – мая праца. А калі я трымала нож, яны баяліся блізка падыходзіць. Вырашыла кінуць яго, бо ў свой час прафесійна займалася дартсам. Нож увайшоў у грудзь лысага нібы ў воск па самую дзяржальню. А ён і не заўважыў, вынуў яго і ўсё.

– Не разумею, да чаго ты вядзеш.

– Мы можам пашкодзіць ім ці нават забіць. Але дзеля гэтага рука павінна трымаць зброю. Куля, што вылятае са стрэльбы, гэта асобны аб’ект, не звязаны з намі. Тое ж самае тычыцца і кінутага нажа. Прынамсі, мне падаецца, што ўсё так.

– Нажаль, твае веды ўжо непатрэбны. Наста памерла і перанесена ў іншы сусвет, Філіп у палоне і не ведаю, ці пакінуць яго жывым. А мае родныя ў небяспецы да таго часу, пакуль я не скончу гісторыю.

– Ты што, здаешся?

– Няма выйсця. Дачакаюся моманту, калі трэба будзе расказваць працяг, скажу што трэбна. Тады яны сыйдуць з нашай планеты.

– Як гэта, сыйдуць?

– Я – апошні апавядальнік. Больш нікога не будзе, троіца сама пра гэта сказала. Філіп думаў, што гэта неяк звязана з паловай планеты. Быццам, калі белыя атрымаюць яшчэ адну перамогу, шэрыя ваўкі не змогуць іх спыніць.

– Разумееш, што тваё рашэнне азначае гібель шэрых ваўкоў?

– Мне ўсё роўна. Дзе тыя шэрыя, а дзе мы…

– Зразумей, калі-небудзь такія ж белыя ваўкі, ці хто іншы, могуць прыйсці на нашу планету. Яе лёс будзе залежыць ад некага іншага і калі ён…

– Лена, не будзем сварыцца. Позна ўжо. Час вяртацца ў сусвет ваўкоў за чарговай гісторыяй.

Дзяўчына глядзела на яго асуджальна.

– Не глядзі на мяне так. Сама магла выратаваць сваіх ваўкоў, калі б захацела.

– Так. Але я не здолела, прагнулася. Ішла да цябе і думала, што ты не такі.

– А я такі…

– Ты праў. Я не маю права цябе судзіць… Максім, можна мне застацца на ноч у цябе? Позна дадому ехаць, ды й не аб усім яшчэ пагаманілі.

– Заставайся. Канапа вольная. Але мне рана ўставаць на працу…

– Нічога. Я люблю рана падымацца.

***

Максім расзаслаў для Лены ложак, а сам лёг на канапе побач. Сон не йшоў, ён думаў пра дзяўчыну побач. Яна перажыла тое, што чакае яго ў будучыні – гібель сваёй зграі

– Лена, ты не спіш?

– Не.

– Раскажы мне пра сваю зграю – Агыр-Санан. Якая яна была?

***