Kitabı oku: «Зграя», sayfa 8

Yazı tipi:

13.

Максім прачнуўся ў цемры, рэзка паспрабаваў падскочыць на ногі і ўпаў.

– Не шумі, – заспаным голасам сказаў Філіп. – Я ў першы раз таксама спужаўся. А цяпер звыкся, ведаю – дзе я і хто.

– Філіп, мне трэба расказаць сённяшні сон…

– Не, не хачу нічога слухаць. Пачакаю, пакуль твая гісторыя скончыцца і мяне можа адпусцяць.

– Філіп, гэта важна. Я прапусціў некалькі дзён. Тры ці чатыры. Я не бачыў іх у сне, а яны прайшлі. Што здарылася?

– Гэта значыць, што твая гісторыя рухаецца да фіналу.

– Але як гэта адбылося? Я ж не ведаю, чым яны займаліся, што зрабілі.

– Не першы раз такое бачу. Час у нашых сусветах ідзе з рознай хуткасцю. Бывае, што апавядальнікі на працягу трох-чатырох начэй бачылі падзеі аднаго дня, а бывала, што прапускалі цэлыя тыдні і не ведалі, што ў гэты час адбываецца.

– А я магу праспаць саму бітву і не пабачыць яе?

– Не. Ты ні ў якім разе не прапусціш галоўнага.

***

“Паўжыцця страціў з-за гэтых ваўкоў. Лічыў сябе абраным, а насамрэч… Я ж нічога не мог рабіць, ні на што не мог паўплываць. Клаўся спаць і назіраў за інтрыгамі, паляваннем, вывучаў іх традыцыі. Дзівіўся, што яны дагэтуль не вынайшлі жалеза, а потым разумеў, што з іх лапамі гэта зрабіць немагчыма. Нават з лука яны могуць страляць толькі ўтраёх. Гадамі сачыў за гэтым, той свет ператварыўся для мяне ў дзіўную казку. А потым прыходзілі белыя. Нібы оркі ва “Ўладары пярсцёнкаў” – мацнейшыя за звычайных ваўкоў, злыя і жорсткія. Сны, у якіх яны нападалі на зграю, ператвараліся ў жахі. Мне падавалася, што нейкая зграя спыніць іх. Оркаў жа спачатку таксама ніхто не мог перамагчы…

Але не. Якая б ні была добрая зграя, колькі б у яе ваўкоў ні ўваходзіла, супраць белых усе ламаліся. Ды й наогул, колькі я тых зграй бачыў? Сто? Трыста? Пяцьсот? Ужо і не падлічу.

А апавядальнікі… Думаў, што яны – гэта мае сапраўдныя сны, якія нічога не азначаюць. А потым заўважыў сувязь – троіцу, якая прыходзіла да кожнага. І ўсё роўна да апошняга верыў – гэта сон і нічога больш. Толькі сон…

Потым усё змянілася… Мая першая сустрэча з троіцай. Адчуў сябе героем сусветнага маштабу, які можа варушыць лёсамі планет, якога будуць слухаць. Падавалася, што я бессмяротны і ўсёмагутны. А насамрэч?..

А насамрэч сяджу ў цемры прыкаваны да жалезнай трубы, побач чарговы апавядальнік і хутка гісторыя ваўкоў скончыцца назаўсёды. Яны так паабяцалі.

Адпусцяць мяне на волю пасля ўсяго? А чаму б і не. Навошта я патрэбны? Якую небяспеку ўяўляю? Ды ніякую. І на тым добра. Вярнуся да звычайнага жыцця, стану адвакатам, дзяўчыну сустрэну, яна пакахае мяне, нягледзечы на фізічныя недахопы.

Максім думае супраціўляцца. Адкрыта не кажа, але па голасу чую, што так. Дурань. Такі ж, якім і я быў. Але хопіць. Ніякіх глупстваў ніхто рабіць не будзе. Крыху патрываць і ўсё скончыцца.

Выратавальнік сусветаў… Аж смешна”.

***

– Чаго смяешся?

– Ды так, успомніў гісторыю вясёлую.

– Распавядзі, а то сумна.

– Калі выратуемся раскажу.

– Філіп, а ты не ведаеш, ёсць тут дзе туалет?

– Ага. І туалет, і душ, а пасля яшчэ кавы можна папіць…

– Я сур’ёзна пытаюся. З учорашняга дня не хадзіў.

– У іншым вуглу вядро стаіць.

– Цяжка будзе са звязанымі нагамі…

– Прабач, але я дапамагчы не магу.

Даскакаўшы да вядра і з вялікай цяжкасцю выканаўшы абавязак перад прыродай, Максім аслеп. Раскрылася металічная дзвер і ў памяшканне рынуўся яркі сонечны свет. Унутр зайшла троіца.

– Добрай раніцы, Максім. Як пачуваешся?

– Нядрэнна, дзякуй. Але з развязанымі рукамі было б лепш.

– Прабач, гэта немагчыма. Мы табе не верым. Ты ж выкарыстаеш любую магчымасць для пабегу. А цяпер дазволь паглядзець, што адбываецца ў свеце ваўкоў.

***

– Усё добра, Максім. Думаем, хутка вернешся да звычайнага жыцця. Засталося мала часу. Два, максімум тры дні.

– А Філіп?

– Ён таксама будзе вольны. Я ж казаў, мы знікнем з вашага сусвету. Зараз вас пакормяць.

У вусны Максіма стукнулася лыжка з ежай. Кармілі іх нечым падобным да тушонкі. Хлопец паслухмяна раскрыў рот, бо паміраць з голаду жадання не было. Пасля пяці лыжак ён адчуў пластыкавае рыльца бутэлькі і напіўся звычайнай вады.

***

Час пацягнуўся марудна. Філіп размаўляць не хацеў, а калі і рабіў гэта, то бясконца скардзіўся на сваю долю. Максіму гэта так надакучыла, што ён злосна буркнуў:

– Ну ты й нудота.

Займацца нечым іншым было немагчыма. Хлопец спрабаваў перасоўвацца па памяшканні, каб знайсці нешта карыснае. Тронак ад лапаты, мех з гароднінай, ёмістасці з незразумелымі вадкасцямі. Паспрабаваў ударыцца целам аб дзверы і паваліўся на зямлю. Збегчы было немагчыма. Тады ён вярнуўся да супрацьлеглай ад уваходу сцяны, каб зламаць металічную трубу, за якую трымаліся кайданкі Філіпа, калі ў “турму” зноў уварвалася святло.

Максім азірнуўся і засмяяўся. Недалёка ад гаража Лена адвязвала трос ад аўтамабіля, да якога былі прывязаны сарваныя вароты.

Дзяўчына нешта крычэла яму, а ён перапытваў “Га?” і працягваў смяяца. “Не, яны не перамогуць. Апошняе слова будзе за намі”.

Лене развязала яму рукі і ногі і пачала нешта казаць. Але ад гуку выломвання дзвярэй Макс чуў толькі звон.

– Лена, я вельмі рады цябе бачыць. Там, у глыбі, сядзіць Філіп, яго трэба вывалакчы адсюль.

Дзяўчына махнула рукой і пайшла ў гараж. А Максім пабег да расчыненых дзвярэй аўтамабіля. Сеў і аднекуль здалёк пачуў рэкламу на радыё. Слых вяртаўся.

Філіп не спяшаўся сядаць у аўтамабіль, аднак моцныя аплявухі ад Лены далі паскарэнне. Калі ўтраёх яны сядзелі ў салоне, Лена на вялікай хуткасці выехала з “гаражоў”. Але накіравалася не за горад, як у мінулы раз, а ў цэнтр.

– Максім, ты мяне чуеш?

– Чую, але не вельмі добра, кажы грамчэй.

– Тое, што я зрабіла – вельмі небяспечна. Часу схаваць вас не было. Думаю, у метро мы зайсці не паспеем, а таму…

– Што, таму? Я не пачуў.

– Трэба біцца.

– Біцца з імі? Як?

– Не ведаю. Іншага выйсця няма. Альбо цяпер, альбо ніколі. Ты ж і сам разумееш – адцягваючы час мы не пераможам.

– Але ж не ў аўтамабілі біцца. А дзе?

– Не ведаю. Трэба шукаць бязлюднае месца.

– Дура! – Філіп стаў біць нагамі ў пярэдняе сядзенне. – Дура, дура! Навошта ты мяне забрала? Навошта ўмешваешся? Яны перамогуць! Колькі памятаю воўчыя сны, яны перамагаюць. Максім, ты ж бачыў белага ваўка. Ён вялікі і магутны. Нават мільён шэрых не перажывуць іх навалу. Яны лёсам асуджаны на паразу. Давайце вернемся. Нас прабачаць і не заб’юць.

– Максім, супакой яго.

Рукі Філіпа былі дагэтуль скаваны кайданкамі, але гэта не вельмі дапамагала. Калі ён зразумеў, што яго рухі не дапамагаюць ён паспрабаваў кінуцца наперад. Макс моцна стукнуў яго рукамі па твары і рассек броў. Філа гэта не спыніла.

– Не магу. У мяне ж таксама рукі скаваны.

Філ моцна ўдарыў двума нагамі ў сядзенне кіроўцы, з-за чаго дзяўчына на хвіліну кінулы стырно і аўтамабіль павяло ў левы бок.

– Хопіць! Макс, трымайся.

Лена нажала на тармазы. Яе папярэджанне не дапамагло Максіму і ён моцна стукнуўся ў прыборную панэль. Філіп жа пераляцеў наперад, галавой ударыўся ў лабавое шкло і страціў прытомнасць.

***

Праз гадзіну блукання па горадзе Філіп агоўтаўся. У рот яму паспелі уторкнуць кляп, ногі звязалі, а самога паклалі ў багажнік. Ён раскрыў вочы і бязгучна закрычэў. Побач з ім ляжаў бялявы з троіцы, глядзеў на яго і пасміхаўся.

***

– Лена, як ты мяне адшукала?

– Я даўно заўважыла, што гэтак званыя паляўнічыя на сусветы не сякуць у сучасных тэхналогіях. Думаю, яны нават не ведаюць пра існаванне GPS. Аўтамабіль я адшукала яшчэ ноччу, але не магла абшукваць кожны гараж. Таму чакала раницы, калі гэтыя з’явяцца.

– Дзякуй табе. Ведаеш, яны нешта зрабілі з Філіпам. Ён цяпер… не такі.

– Зламалі. Паказалі чалавеку, што ён проста чалавек, а не звышнатуральная існасць. Нам з табой такое не пагражае. Мы і так ведаем хто мы ёсць.

Паліва скончылася на дванаццатым крузе па МКАДзе. Лена паспела заехаць у невялічкі лясок. Разам з Максам яны выйшлі, узброіліся нажамі, абрэзам, стрэльбай і сталі чакаць. З багажніка пачуліся стукі.

– Давай яго выпусцім.

– Пачакае…

– Выпусцім і хай ідзе куда хоча. Трымаць яго не будзем. Думаю, ён збяжыць.

– Макс, а калі ён пачне біцца і кідацца?

– Ён жа звязаны па руках і нагах. Што ў такім стане зможа зрабіць? Калі па-вар’яцку паводзіцца будзе, я і чапаць яго не стану.

– Добра, трымай.

Лена працягнула ключы і Максім кінуўся адчыняць багажнік. “Можа, яна і права. Трэба патрымаць яго там. Але ж… ён дапамог мне, выратаваў з-за кратаў. Такое нельга забываць”.

Хлопец уставіў ключ, зрабіў адзін абарот і вечка з вялікай хуткасцю рынулася яму насустрач. Макс не паспеў адскочыць і атрымаў моцны ўдар у нос, паваліўся на зямлю, выраніўшы з рук абрэз. З багажніка вылез і ўстаў над ім бялявы з троіцы. Лена ўскрыкнула і, не цэлячыся, стрэліла. Шкло аўтамабілся з храбусценнем развалілася на ашкепкі. Каля дзяўчыны з’явіўся чарнявы і вырваў стрэльбу з рук. Лысы глядзеў на гэта з боку дарогі, перакрываючы шлях для адыходу. Бялявы з нечаканым для свайго твару здзіўленнем углядаўся ў Лену.

– Я не заўважыў твайго стрэлу, чаму… Ты! Ты мінулая апавядальніца. Вось чаму мы не адчуваем цябе. Цяпер зразумела, хто схаваў Максіма. Табе канец.

Ён пайшоў у яе бок, але насустрач выйшаў лысы.

– Не! Мы не можам нічога з ёй зрабіць. Яна апавядальніца. Заб’еш яе і ўсё зменіцца, гісторыя пойдзе па-іншаму. Яна звязана з новым апавядальнікам. Яшчэ адной страты ён не перанясе.

Максім сядзеў на зямлі і трымаўся рукой за нос, кроў з якога заляпала яму сукенку і штаны. “Мы чарговы раз прайгралі, нават не ўступіўшы ў бойку. Можа, праў быў Філіп, калі казаў, што перамагчы немагчыма? Філіп…”.

– Дзе ён?

Усе паглядзелі на яго. Бялявы спыніў спрэчку з лысым.

– Дзе Філіп, куды ты яго дзеў, вырадак?

Бялявы паказаў зубы, ці то скалячыся, ці то спрабуючы пасміхнуцца.

– Ён адправіўся ў падарожжа да тваёй былой дзяўчынай.

– У сэнсе? Дзе ён?

– Што? – лысы схапіў свайго супольніка. – Ты накіраваў яго ў іншы сусвет? Забіў яго?

– Так. Апавядальнік памёр, а свет не змяніўся. Мы тут і перамога наша.

– У сэнсе, апавядальнік? – Максім не мог даўмецца, што яны кажуць. Ён жа жывы.

– Такі ж апавядальнік, як ты. Яго маці расказалі гісторыю ваўкоў. А потым, калі мы яшчэ не ўмешваліся, а сачылі, яна перадала яе сваім сынам-блізнятам. З братам Філіпа мы “працавалі”. Аднак не чакалі, што другое дзіця назаўсёды застанецца апавядальнікам. Ці як ён сам назваўся – назіральнікам. Чалавекам, які ўсё бычаць, усё чуе, а зрабіць нічога не можа.

– Ён жа казаў, што…

– Абраны? Вы ж разумныя стварэнні. Кім абраны? Сусветам? Ды сусвету, усім гэтым зоркам, планетам і каметам пляваць на вас, жывых. Яны існуюць па законах фізікі. А гэты – дурань. Я перакінуў яго на планету ваўкоў. І хутка ён стане ежай альбо для нас, альбо для шэрых.

– Ты не меў права гэта рабіць, – да яго зноў падступіў лысы.

– А што абмяркоўваць? Трэба ад пачатку быць жорсткім і не шкадаваць ні іх, ні гэты сусвет.

Максім страціў слых і зрок. Але калі ў першы раз гэта здарылася з-за гука адарваных варотаў і нечаканага святла пасярод цемры, то цяпер ён захлынуўся пачуццямі і ператварыўся ў нянавісць.

***

Лена глядзела на троіцу і дрыжэла. Як яна магла падумаць, што ў іх атрымаецца? “Лепш было схавацца і дамаўляцца з імі. Цяпер нічога не зробіш. Мяне заб’юць, Максіма пасадзяць да ланцуга, а ваўкі загінуць”.

Кроў з носа Максіма лілася на зямлю. Лена глядзела на хлопца і шкадавала, што не пазнаёмілася з ім у кавярні па-сапраўднаму, як чалавек знаёміцца з чалавекам. Не спытала, ці хоча ён стаць выратавальнікам сусветаў.

А потым здарылася тое, што дзяўчына не змагла ўсвядоміць. Ёй падалося, што Макс на імгненне знік, настолькі хуткімі былі яго рухі. Ён выхапіў нож са шкарпэткі, падхапіў абрэз з зямлі і кінуўся на бялявага, паваліў яго на зямлю, прыставіў рулю ў твар і стрэліў. Па паляне разляцелася белае рэчыва, з якога складаліся целы троіцы. Лысы кінуўся на выратаванне, але Максім перадухіліў атаку – нажом ударыў ворага ў нагу і паваліў на зямлю.

Чарнявы зразумеў сітуацыю і павярнуўся да Лены. Яна так і не даведалася, хацеў ён яе задушыць, ці забраць з сабой, як другі стрэл з абрэза адсек яму нагу ніжэй калена. Частка драбін трапіла ў дзяўчыну, яна павалілася на зямлю і закрычэла. Макс кінуўся да яе.

– Прабач, Лена, прабач! Я не бачыў, не думаў, што ў цябе патраплю.

– Нічога, Максім, усё добра. Мы перамаглі?

– Не, яшчэ не.

Ён падняў яе на рукі і панёс да кальцавой дарогі. Лысы і чарнявы зніклі, а цела белага засталося ляжаць на зямлі, падобнае на манекен з адарванай галавой.

Воўчы сон

Белая нянавісць, белая злосць, белая ненажэрнасць уз’яднаная ў адну зграю павольна, крок за крокам, рушыла наперад. Адзінае жаданне гэтай навалы – забіваць і есці, ламаць і знішчаць. Сэнс яе жыцця – вызваленне жыццёвай прасторы.

Яны ішлі, з асалодай чакаючы бойкі і марылі пра перамогу. Бо перамога – гэта шмат ежы, магчымасць спыніцца і адпачыць. Белыя ваўкі не баяліся цемры ці света, болю і жорсткасці. У іх не было страха. Боль можна стрымаць, хай гэта і непрыемна, а злосць не схаваеш. Кожны з іх зграі, якая паўзла на поўдзень, ведаў – адчуўшы пах крыві ворага, паспрабаваўшы яе смак, навакольны свет знікне. Вочы будуць бачыць толькі кроў, вушы будуць чуць яе ток па венах шэрых, нос будзе адчуваць салёны пах, а рот перасохне ў чаканні пачастунка.

***

Зграя Ачын мела добрую выведку за шмат гадоў да таго, як іх уладаром стала каралева. Ваўкі шмат ваявалі, а таму хутка зразумелі – хто больш ведае, у таго і шанцаў на перамогу больш.

Іншыя зграі наогул не мелі выведнікаў з-за паха. У кожнай зграи свій асабливы водар. І таму лёгка адрозніць свайго ад ворага. А значыцца чужака хутка знойдуць і заб’юць.

Не адно дзесяцігоддзе Алык-Ачын біліся з гэтай прабелмай. Спрабавалі абмазваць поўсць смуроднай вадою, стрыгчы яе, пускаць кроў, абмазвацца вантробамі ваўкоў іншых згарй – нічога не дапамагала. Усё да моманту, пакуль аднаго з ваўкоў не траўмавалі падчас бойкі – вырвалі шмат мяса з-пад хваста. Зграя перастала яго заўважаць, асабліва калі да таго ён добра вымыўся.

Так былі знойдзены залозы паху. Выдаліш іх – і можна ў чужой горад зайсці. На цябе не звернуць увагі – ці мала ваўкоў у зграі? Усіх ведаць не будзеш. Дый у паселішчах столькі пахаў, што тваю “нейтральнасць” ніхто не заўважа. Канечне, у будку важака заходзіць небяспечна, а вось прысутнічаць на сходзе зграі можна лёгка.

Быў у гэтай “аперацыі” адзін недахоп, з-за якога іншыя зграі калі б і даведаліся пра такі метад, ніколі б яго не выкарысталі. Шэры без гэтых залоз губляў цікавасць да расплоду. Ваўкі не заўважалі ваўчыц, нават падчас цечкі, а ваўчыцы кідаліся на ваўкоў, якія да іх заляцаліся.

Алык–Ачын спачатку таксама не йшлі на гэта. Да таго моманту, пакуль у іх не з’явілася каралева. Яна вырашыла, што ў зграі і так шмат ваўкоў. І выведка стала адной з галоўных зброй Ачын. А самі выведнікі карысталіся вялікай пашанай. Бо для карысці зграі яны ахвяравалі сваім будучым.

І цяпер дваццаць тры выведнікі на рознай адлегласці адзін ад аднаго сачылі за рухам белых. Трое ваўкоў пабеглі ў горад Суу-Ардун дакладаць пра пачатак вайны. Астатнія хаваліся і чакалі.

***

Савет праходзіў у добрым настроі. Белыя далі ім чатыры дні, за якія шмат чаго адбылсоя. Апосталы расказалі Гаўлу пра свае сакрэты і ён распавёў пра іх усім астатнім. А Арык давёў навіну – караблі з усходу вяртаюцца. Аўчылак праявіў сябе як сапраўдны камандзір. Ваўкі з розных зграй пад яго наглядам і самі цяпер дрэнна адрознівалі хто адкуль, бо ад усіх смярдзела аднолькава – потам, брудам і крывёю. Гаўл упершыню паверыў у перамогу. Шанцаў было няшмат, але яны з’явіліся.

– Сябры, мы скончылі падрыхтоўку да вайны з белымі. І калі загінем у гэтай бойцы, то нашых ворагаў памрэ шматкроць больш. І іншыя зграі лёгка іх перамогуць.

– Няўжо гэта Гаўл? – у словах Акіры чулася іронія. – Ты паверыў у сябе? Можа, пачнем планаваць як самі пойдзем у атаку?

– Сапраўды. Прабач мяне. Не мог стрымаць пачуццяў. Раскажы навіны з поўначы.

– Навін няма. Белыя сабраліся ў вялікую зграю і нечага чакаюць. Можа, загада свайго ўладара, можа чаго іншага.

– Думаеш, у іх ёсць важак?

– А трус іх ведае. Выведнікі не могуць падысці настолькі блізка, каб гэта высветліць. Сядзім ад іх за трыста крокаў і чакаем.

– Сядзім? Ты што, сама там была?

– Учора, каб упэўніцца, што ўсё добра. Хачу адразу падзякаваць Вый-Кло за вашы… прыспасобы, якія дазваляюць глядзець у шмат разоў далей.

– Няма за што, Акіра. Ты наша сястра па веры, а таму ўсё наша – тваё.

– Акіра, ты ведаеш наколькі гэта небяспечна для цябе – набліжацца да белых. Твае залозы, наколькі мне вядома, яшчэ на месцы.

– Не хвалюйся. Я была асцярожна.

Гаўл незадаволена заматляў галавой. Ён вельмі хваляваўся за ваўчыцу, з-за чаго хаваць іх аднсоіны ад іншых рабілася складана.

– Апосталы, што са зброяй?

– Камяні для катапульт падрыхтаваны ў вялікай колькасці, зроблена дзьве тысячы стрэл і шэсцьдзесят лукаў. Панцыры ёсць у кожнага ваўка з тых, што будуць біцца, а шаломаў у тры разы болей.

– А што з… іншай зброяй?

– Як і дамовіліся, Гаўл, усё зроблена. Будаўніцтва завершана.

– Добра. Арык, што са старымі і шчанюкамі?

– Шчанюкі з усіх зграй, разам са старымі, якія не могуць біцца, схаваны на востраве пасярод балота. Там яны ў бяспецы – ніводны воўк без лодкі і нашых прыспасоб не здолее пераадолець дрыгву.

– А якія навіны пра ваўкоў з-за мора?

– Сёння раніцай прыляцела другая птушка, якую я апісваў вам раней – з незвычайнай дзюбай. Але калі першая была зялёная, то гэта чырвоная. Да яе нагі быў прымацаваны скрутак з адным словам – “Сёння”.

– Будзем верыць, што гэта сапраўды плыве дадому твая зграя, а не хто іншы з-за акіяна. Твае ваўкі спатрэбяцца ў бойцы. Хай яны дзень адпачнуць, а потым рухаюцца да нас. Аўчылак, іх трэба будзе хутка навучыць усяму, што ты ведаеш.

– Слухаюся, важак. Дазволь…

У будку забяжалі тры ваўка, у якіх Гаўл адразу пазнаў выведнікаў Акіры. Пасля навіны пра выдаленыя залозы ён навучыўся знаходзіць вакол сябе ваўкоў без паху.

– Каралева, дазволь мовіць.

Генерал рыкнуў. Гэтыя ваўкі заставаліся адзінымі, якія дагэтуль спярша звярталіся да Акіры, а на яго не звярталі ўвагі. “Нічога, прыйдзе час – навучацца”.

– Гаварыце, дазваляю.

– Белыя рухаюцца да нас.

Гэта інфармацыя змяніла настрой савета.

– Аўчылак, рыхтуй войска. Апосталы – каб стралкі праз дзесяць хвілін рушылі да пазіцый. Арык – ідзі дадому чакаць сваю зграю. Пры з’яўленні хутка бяры ўсіх, хто можа ісці, і руш у наш бок. Выведнікі, наколькі хутка белыя будуць тут?

– Яны ідуць павольна і калі не паскорацца, то праз дзве-тры гадзіны. Але калі пабягуць – значна хутчэй.

– Дрэнна. Колькі іх?

– Шмат. Да далягляду без прасветаў. Не менш за дзесяць тысяч.

– Бяжыце назад і ідзіце за сто крокаў ад іх у наш бок. Калі яны поскорацца, ці здарыцца нешта яшчэ, дакладвайце.

– Слухаемся, генерал.

Ваўкі выбеглі з будкі.

– Акіра… Рыхтуйся да аблогі горада.

– І не мар пра гэта, Гаўл. Я не шчанюк, а таму буду біцца разам з астатнімі ваўкамі. Хай ваўчыцы Стыр-Калі ахоўваюць цябе ад белых, а маё месца там.

– Акіра, прашу цябе. Ты ж ведаеш, я не проста так думаю, што мы можам перамагчы. І табе не трэба дзеля гэтага паміраць.

– А я і не збіраюся. Але сядзець за спінамі не буду. Мае салдаты звыклі да таго, што іх каралева б’ецца побач.

– Акіра…

– Маўчы, Гаўл. Усе размовы будуць пасля бойкі. А зараз я сама вырашу, што трэба рабіць, а што – не. Ты не мой уладар.

Ваўчыца выбегла, а Гаўл сеў на хвост агаломшаны. Яшчэ ніколі яна не размаўляла з ім так жорстка. Нават падчас знаёмства. А цяпер яны былі бліжэй, чым калі. “Няўжо Акіра не разумее, што я без яе жыць не змагу?”.

***

Вялікае войска пастроілася пад сценамі горада. Ваўкі і ваўчыцы, старыя і маладыя, хвастатыя і бясхвостыя. Ваўкі са зграй Стыр-Калі, Ачын, Вый-Кло і Суу-Ардун, аб’яднаныя разам на барацьбу з агульным непераможным ворагам. Пах, які падымаўся ад тысяч скур быў непадобны на пахі нейкай асобнай зграі. Аўчылак аскаліўся – перад ім нібыта стаяла новая, невядомая раней у свеце зграя. І ён таксама быў адным з іх.

– Бойка, як казаў раней, адбудзецца на двух флангах. На правым буду камандаваць я. А на левым – каралева Акіра са зграі Ачын. Зараз мы выходзім да пазіцый і чакаем. Мы не адразу сутыкнемся з белымі, спачатку ім прыйдзецца перажыць нашы пасткі. Большасць з вас загіне. І я хачу, каб кожны аддаваў сваё жыццё як мага даражэй. Калі нехта памрэ і не заб’е хаця б аднаго белага, лічыце, што ваша смерць – перашкода для іншых. А цяпер выпраўляемся. Зброю атрымаеце на месцы. Мы выходзім першымі. Акіра ідзе за намі. Каралева?

– Ваўкі левага флангу. Перад тым, як ісці, хачу папярэдзіць – кожнага, хто пабяжыць, я заб’ю асабіста. Памятайце пра гэта, калі страх пачне перамагаць мужнасць.

Грамада з тысячы шэрых целаў прыйшла ў рух. Палова пайшла за Аўчылакам на усход, а калі знікла, на захад сваё войска павяла Акіра. Каралева ішла апошняй. Упершыню за шмат дзён яна ведала куды ісці і што рабіць. Не трэба думаць пра будучыню, бо яна можа ніколі не адбыцца.

***

Апосталы падзяліліся. Шасцёра ператварыліся ў лекараў, трое – у камандуючых стралкамі, а двое сталі наглядаць за пабудовамі: роў, сцяна, валы і пасткі, якія павінны былі спрацаваць у патрэбны момант.

Цяпер ніхто з іх не сумняваўся, што рашэнне распавесці пра свае сакрэты было правільным. Тое, што выдумаў Гаўл, давала ім шанцы на перамогу, пра якія раней і марыць нельга было.

Перад тым, як разысціся ў розныя бакі, яны ўтварылі кола і ўзнялі вочы да неба. На ім адначасова былі два браты – яркае Сонца і амаль незаўважны з-за яго яркасці Месяц.

– Добры сімвал.

– Так. Браты разам і назіраюць, як мы будзем біцца з ворагамі свету.

– І дапамогуць нам перамагчы.

– Слава Прароку, слава братам Сонцу і Месяцу.

– І Гаўлу…

***

На жаль, ні птушак, ні караблёў у горадзе Стыр-Калі не было. Яны яшчэ плылі. І, хутчэй за ўсё, не паспеюць на бойку.

“І я таксама павінен заставацца тут. Бо нехта ж павінны расказаць ім куды ісці і з кім біцца”. Нягледзячы на перасцярогі Арык пагадзіўся на прапановы Гаўла – усе ваўкі яго зграі, якія маглі біцца, былі ў войску Аўчылака.

***

Ад гор на захадзе, да блакіту мора на ўсходзе, усюды, куды накіроўваў погляд Гаўл, ён бачыў шэрыя спіны сваіх братоў. Ззаду стаялі драўляныя пачвары катапульт, зараджаныя камянямі, і стралкі з лукамі. Сам генерал узвышаўся над усімі на вялікім драўляным памосце, пабудаваным спецыяльна для яго. З правага боку звешвалася скура з намаляваным сонцам, а з левага – з месяцам. Побач з ім сядзелі маладыя ваўкі і рыхтаваліся бегчы да камандзіраў перадаваць загады, а прыступкі да памоста ахоўвалі ваўчыцы Стыр-Калі. Не лепшыя байцы, але калі белыя дойдуць сюды, гэты будзе ня важна.

“Самая вялікая армія з часоў пачатковай зграі… І нас чакае самая вялікая бойка за гісторыю ваўкоў. Калі пераможам – станем легендай. А калі не… Калі не, то праз гадоў дзесяць ніхто не ўспомніць пра тое, што мы, шэрыя ваўкі, існавалі”.

Гаўл паглядзеў на захад, дзе сярод шматлікіх шэрых спінаў спрабаваў разгледзець Акіру. І ўбачыў. Яе атачаў нейкі арэал. Ваўкі стаялі на крок далей, чым патрэбна. Гэта быў знак павагі да каралевы, якая будзе біцца на роўных з усімі.

Генерал паглядзеў на поўнач і яго поўсць уздыбілася. З-за лесу з’явіліся белыя.